Пра ўсё раскажа кніга…

IMG_3828З 2001 года ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Свята прызначана на 15 верасня, з нагоды заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча рэспублікі.
Гэта светлая дата – не толькі прафесійная радасць, але і падстава пагаварыць пра друкаванага сябра пастаянным чытачам і наведвальнікам храма Мудрасці. Да Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка Мінска па колькасці экзэмпляраў і іх каштоўнасці займала сёмае месца ў СССР і ўваходзіла ў лік 30 лепшых аналагічных устаноў культуры свету. Заўсёды былі і ёсць аматары літаратурнага чытання і ў Чачэрску. Ня грэбуюць такім захапленнем таксама вясковыя жыхары. Скажам, у Роўкавічах да кніжных паліц у месяц у сярэднім прыходзяць звыш 200 чалавек, за мінулы год колькасць кнігавыдач склала 5 406. Фонды бібліятэкі налічваюць 10 425 экзэмпляраў розных літаратурных і навуковых выданняў, часопісаў, падручнікаў. Нехта ахвяруе на карысць людзей частку ўласнай калекцыі кніг. Напрыклад, медработнік Кацярына Сяргееўна Папова перадала ўстанове былыя ў выкарыстанні 156 літаратурных і метадычных выданняў. Бібліятэкар Вольга Фаміна (на здымку) 30 год займае пасаду гаспадыні гэтага ціхага царства друкаванага слова і добра вывучыла патрабаванні насельніцтва, попыт індывідуальнага чытва і творчыя схільнасці кожнага абанента. Ведае, каму і што прапанаваць, умее падказаць і зацікавіць. Таму сюды спяшаюцца і малыя, і дарослыя бібліяфілы Ірына Пацеева, Аляксандр Корхаў, Лідзія Барашкова, Таццяна Бубіна, Аляксандр Маркін, Вольга Альшэўская з дачкой Алесяй, Кіра Міхайлава, вучань 3 класа Ягор Косцін і інш. А яшчэ ўсё лета тут праводзіліся разнастайныя гульнёва-пазнавальныя заняткі са школьнікамі.
Жамчужынай храма Мудрасці служыць музейны пакой вясковага побыту. Прадстаўленыя экспанаты хатняга ўжытку даволі яскрава раскажуць пра жыццёвы ўклад мясцовага насельніцтва пачатку мінулага стагоддзя і ранейшых гадоў, па якіх можна адсачыць шлях да добрых перамен і сацыяльна-эканамічнага росквіту. Таксама пры бібліятэцы дзейнічае гурток краязнаўства, вядзецца работа па збору і захаванню гісторыі краю, зніклых вёсак і іх жыхароў. Светлыя памяшканні з перапоўненымі паліцамі заўсёды запатрабаваныя, людзі ідуць сюды за ведамі, за радасцю, каб наталіць душу і павысіць сваю адукаванасць, а яшчэ – проста паразмаўляць, параіцца, пагутарыць пра лёс і падзяліцца сямейнымі праблемамі. І кожнага сустракае, як самага блізкага і дарагога, навігатар кніжнага мора Вольга Фаміна.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.