Неўтаймаваная сіла мастацтва

КурашКаля 30 гадоў у свет прыгожай музыкі і высокай спеўнай культуры дзяцей і падлеткаў сярэдняй школы №2 вядзе таленавіты і адораны настаўнік Іван Курашоў.
Яго бестурботнае басаногае дзяцінства хутка і незаўважна прабегла па пчаліных лугавінах і грыбных пералесках вёскі Покаць. Рухавы непаседлівы гарэза праяўляў павышаную зацікаўленасць да мастацкай культуры – хлопчыка апанавала вялікае жаданне навучыцца іграць на баяне. У школе на той час меўся такі інструмент, настойліваму малому дазволілі браць яго дадому. І пакуль старэйшыя браты бавіліся на вуліцы ў хованкі, ці ганялі мячык, упарты Іванька цягаў мяхі і з захапленнем націскаў на чорна-белыя гузікі, выводзячы стройную мелодыю знаёмай песні. Дарослыя смяяліся з такога нязграбнага музыканта, якога нават з-за баяна не было відаць. Аднак з-пад яго спрытных пальцаў матыў струменіўся і плыў роўны, чысты, правільны.
Скончыўшы ў 1988 годзе магілёўскую культурна-асветніцкую ўстанову, Іван Рыгоравіч атрымаў дыплом кіраўніка народных і акадэмічных хораў і з таго часу выкладае ўрокі музыкі з прымяненнем слайдаў і фанаграм, выхоўвае ў дзецях сцэнічнае майстэрства і ўменне трымаць ноту пры вакальных і харавых спевах. У гурток «Вясёлыя ноткі» да яго прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, каб авалодаць тэхнікай сольнага эстраднага выканання. Да мікрафона ўтвараецца чарга з жадаючых, а гэта добры паказчык педагагічнага плёну.
Трэба сказаць, што Іван Рыгоравіч сем гадоў кіраваў народным калектывам народнай музыкі і песні «Чачэрскі гармонік», каля пяці гадоў узначальваў арганізаваны ім ансамбль «Калі ласка», цяпер упэўнена выводзіць на сцэну кармянскі гурт «Жывыя крыніцы» і акампануе артыстам «Лілея» отарскага ЦСДК. Дый і сам іншы раз выступае ў ролі спевака, дорачы людзям хвіліны радасці і прыемнага душэўнага замілавання.
…На днях настаўнік адзначыў сваё 55-годдзе, узрост сталасці, прафесійнай і чалавечай «спеласці». Свята нараджэння падзялілі яго калегі, сябры і родныя. Многае лета яго шчаслівым гадам, творчасці і неўтаймаванай энергіі душы і сэрца!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.