У чачэрскай ДШМ

IMG_4822У першы дзень кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень музыкі. Гэты від мастацтва любімы ўсімі людзьмі, бо ўсё жыццё нас суправаджае добрая мелодыя і мудрая песня – пачынаючы ад калыханкі, да высокага класічнага твора.
Навучаюць азам музыцыравання і садзейнічаюць развіццю творчых магчымасцяў педагогі дзіцячай школы мастацтваў. Тут па жаданню прапануюць авалодаць уменнем ігры на струнных, духавых і клавішных інструментах. У гэтым годзе тэарэтычныя веды і практычныя заняткі па класе фартэпіяна пачаў даваць малады спецыяліст Вячаслаў Андрэенка, які прыбыў на Чачэршчыну пасля заканчэння гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага. Адораны, таленавіты і здольны выкладчык музыкі і сам захапляецца любімай справай, і далучае да прыгожага школьнікаў. Яго калега Антон Жаўранкоў выбраў крыху іншую прыладу генерацыі нотных паслядоўнасцяў – баян, хаця ў нечым ён падобны на ўдарна-клавішны інструмент: такі ж меладычны і з шырокім дыяпазонам гучання. З ім зручна праводзіць час і ў кампаніі сяброў, і выступіць на сцэне, адвесці душу ў хвіліны скрухі і выплюхнуць настрой жвавым мажорам. А каб пэўная музычная кампазіцыя трапна гарманіравала з голасам, урокі вакальных спеваў аматарам сола выкладае аптымістычная і ўсмешлівая Марыя Маслава.
Педагог Аляксей Кулеш, які таксама пачаў сваю прафесійную дзейнасць у раёне з верасня гэтага года, прывабіў дзяцей інтрыгай навыкаў біць у барабаны. І не толькі гарадскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, але і рабят камуна-ленінскай школы. Такт, рымт, мастацкі слых і іншыя якасці юнай асобы тут адыгрываюць галоўную ролю. А яшчэ абавязковай умовай з’яўляецца сіла рук, спрыт і ўседлівасць.
Музыка – універсальны сродак зносін чалавецтва, выток радасці і настрою, яна здольна выклікаць светлыя пачуцці і натхніць на добрыя ўчынкі. А яшчэ музыка – лепшы сродак суцяшэння засмучонага, стэнаграфія людскіх пачуццяў. Далучайцеся да прыгожага!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.