Шчырыя чачэрскія сяльчане

IMG_5015На зыходзе лета, як ніколі можна ацаніць хараство вясковага жыцця, а заадно даведацца, ці недарэмна да сёмага поту ў спякотныя дні шчыравалі на палетках старанныя агароднікі, палівалі ўсходы, змагаліся са шкоднымі кузуркамі.
Муж і жонка Ісачанкі з аграгарадка Нісімкавічы апрацоўваюць 30 сотак зямлі. Гэта плошча ўчастка толькі на прыдамавой тэрыторыі. А яшчэ сеюць па столькі ж бульбы і зерневых у полі. Дзіўны спрыт, улічваючы ўзрост гаспадароў, якія размянялі восьмы дзясятак. Але яны самі лічаць па-іншаму: няма тут ніякага дзіва, проста трэба працаваць кожны дзень. Урадлівая глеба багата адарыла ўраджаем. «На выхадных сабралі 30 кілаграмаў памідораў, бывала і больш», – сціпла махае рукой Марыя Нікіфараўна, маўляў, не ў самы шчодры год мы да іх завіталі. Але гародніны хапае не толькі на салаты ды баршчы для ўласнага стала. Частуюць сакавітымі таматамі гаспадары суседзяў і знаёмых, журналісты таксама паспрабавалі плады з градкі. Руплівыя вяскоўцы ўжо назапасілі шмат вітамінаў на зіму, аднак сезон нарыхтовак у самым разгары. Многія б пазайздросцілі буйным галоўкам цыбулі, якія ледзь умяшчаюцца ў руцэ, гронкам салодкага вінаграду, наліўным яблыкам розных гатункаў. Іван Рыгоравіч да таго ж выпесціў растаропшу, расліна выкарыстоўваецца супраць розных захворванняў печані. Хапае месца на подворку кветкам, кожную з іх клапатліва даглядае гаспадыня і любіць усіх сваіх прыгажунь аднолькава.
Летам і восенню клічуць аматараў ціхага палявання лясныя сцежкі. Муж і жонка, як належыць у добрай сям’і, поруч збіраюць у кошыкі дары прыроды.
Прысеўшы адпачыць, разгаварыліся пра жыццё. Сталым людзям заўсёды ёсць аб чым расказаць. Іван Рыгоравіч нарадзіўся ў пасёлку Сычоўка недалёка ад Нісімкавіч у сям’і старшыні калгаса, члена партыі Рыгора Фёдаравіча. Пра бацьку вядома няшмат, бо яго растралялі фашысты за тое, што партызаніў, не скарыўся захопнікам. Вось і ўся горкая спадчына. Усяму сірата вучыўся сам, з маленства працаваў на зямлі. Не бачыла шчаслівага дзяцінства і Марыя Нікіфараўна. Хата яе бацькоў была ў пасёлку Ясная Рошча недалёка ад Бабіч. Да мясцовых дзяўчат прыходзілі бавіць час хлопцы з Сычоўкі. А хутка пабраліся шлюбам чатыры закаханыя пары. У сям’і Ісачанка нарадзілася двое сыноў, якім перадавалі жыццёвы вопыт, жадалі лепшай долі. Сёння імі ганарацца бацькі.
Восень жыцця таксама шчодрая, калі людзі імкнуцца працаваць, сябруюць з суседзямі і нават незнаёмага чалавека прымаюць як дарагога госця.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.