«Прасіце, і прыбудзе да вас…»

IMG_27209Жыхарка вёскі Бабічы Марыя Максімаўна Брайцава – каштоўная скарбніца народных традыцый і фальклору. Носьбіт беларускай аўтэнтычнай культуры, яна дасканала ведае этнаграфію святаў, умее заспяваць «вяснянку», «праводзіны зімы», іншыя абрадавыя, вясельныя, сямейна-бытавыя песні.
Адзіная на вёсцы без праблем зацягне старадаўнюю мелодыю, падхопіць псалмы святара, праводзіць з малітвай у апошні шлях нябожчыка. Нешта з гэтых уменняў перадалося ад маці, большасць матываў назапасіла па ўласнаму вопыту. Духоўныя песні запамінала і завучвала падчас царкоўных набажэнстваў, чытала літаратуру. Доўгі час, жывучы ў Мазыры, наведвала мясцовыя храмы, там і прыйшла да Бога. А калі надакучылі гарадскія паверхі, прыехала ў матчыну хату да сястры Таццяны.
Марыя Максімаўна – галоўны персанаж на зажынках, вядучы голас на вяселлях і радзінах. Бадай, ні адно народнае свята ў Бабічах не абыходзіцца без непасрэднага яе ўдзелу. Магічныя словы, дзеі і заклінанні яна ведае да кожнага свята – ад нараджэння да пахавання чалавека. Як загаварыць цёмныя сілы лесу, уславіць паганскага бога земляробства, усхваліць нявесту, ці з Гасподняга блаславення выйсці ў поле – усё ведае, усе зробіць правільна баба Марыя. На жаль, перадаць вопыт вусна-паэтычнай творчасці ёй няма каму: ні дзяцей, ні ўнукаў. Усе яе веды фіксуюць на аркушах паперы работнікі мясцовай культурнай установы, каб потым зноў адрадзіць старыя звычаі і абрады, накіраваныя на светлае жыццё і дабрабыт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.