Чачэрскаму раёну — 90

Консервный завод, 19Перыядам сацыяльна-эканамічнага росквіту раёна можна назваць той час, калі Чачэршчына масава будавалася і аднаўляла свой знешні выгляд, умацоўвала фінансавую аснову і стварала спрыяльныя ўмовы для шчасця і дабрабыту жыхароў. А дакладней – высокія паказчыкі працы прыйшліся на 1970-я і 1980-я гады. Дарэчы, 3 лістапада 1971 года Чачэрск атрымаў афіцыйны статус горада.
Менавіта ў тыя дні работа літаральна кіпела тут і там. У галіне сельскай гаспадаркі вырвалася наперад эксперыментальная база «Меркулавічы». Толькі звяно Васіля Якавенкі збірала па 330 і больш цэнтнераў бульбы з гектара. Аграном-бульбавод Ніна Зосімаўна Цітова выпрацавала сваю сістэму вырошчвання караняплодаў і ўраджай атрымоўваўся на дзіва багаты. Паўсюдна ў раёне прымянялася на практыцы вырошчванне лёну, асабліва вялікія плошчы гэтай сельгаскультуры засейваліся на палях калгаса «Сцяг камунізму». У гаспадарцы нават меўся ўласны ільнозавод, як і ў асобных іншых сельгаспрадпрыемствах. На жаль, пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС паступіў загад скараціць, а потым і наогул звесці на нуль тэрыторыі па яго вытворчасці. Па прычыне забруджанасці прадуктаў харчавання пацярпеў і кансервавы завод. Ах, а якімі смачнымі былі яблычна-маркоўны сок, яблыкі ў цукровым сіропе, салянкі, кампоты і варэнні, каша з тушонкай! Але каб утрымаць працоўную планку прадпрыемства рабочыя актыўна ўдзельнічалі ў нарыхтоўцы кармоў, уборцы ўраджаю і прыдумалі карысны метад перапрацоўкі таматаў – скажам, мяккія, непрыгодныя да закаркоўвання, але неблагія плады прымянялі па балгарскаму спосабу – кіпяцілі і залівалі ім гародніну, а потым рэалізоўвалі чачаранам, спажыўцам Кармянскага раёна, а затым даехалі і да Волагды.
У верасні 1977 года пачало дзейнічаць чачэрскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, якое рыхтавала спецыялістаў такіх прафесій, як механізатар, палявод і жывёлавод, доўгі час разам з беларускімі рабятамі тут вучыліся юнакі і дзяўчаты з Манголіі, Расіі і Украіны. Пачалі масавую работу вячэрнія школы. Першым дырэктарам такой установы ў Чачэрску быў Майсей Барысавіч Кадзін. За 20 гадоў яе скончылі больш 4500 чалавек. У 1972-м дзіцячая школа мастацтваў выпусціла сваіх першых навучэнцаў.
Сямімільнымі крокамі мы рухаліся наперад. Узраслі магутнасці райаб’яднання «Сельгастэхніка», мелірацыйнага будаўніча-мантажнага ўпраўлення і межкалгаснай арганізацыі. Усе гаспадаркі былі падключаны да дзяржаўнай высокавольтнай лініі электраперадач. За кошт уласных сродкаў пачалося ўзвядзенне аб’ектаў сацкультбыта. Калгас «Звязда» пабудаваў бальніцу на 25 койкамесцаў, раддом і жылыя памяшканні для медперсаналу. У сельгаспрадпрыемствах імя Леніна, Кірава, Суворава, Жданава з’явіліся цагельныя заводы. Да 1974-га ў раёне функцыяніравалі цэнтральная бальніца, Дудіцкая, Залеская, Палеская ўчастковыя бальніцы, 25 ФАПаў. А ў сувязі з уводам у строй новага памяшкання ЦРБ былі закрыты ўсе ўчастковыя бальніцы, акрамя Нісімкавіцкай. На фабрыцы мастацкіх вырабаў у 80-я працавала каля 450 чалавек, у тым ліку 130 надомнікаў.
Пад пільным вокам старшыні райвыканкама Пятра Блатуна і начальніка упраўлення капітальнага будаўніцтва Леаніда Гарбачова вялося грандыёзнае горадабудаўніцтва: адбылася замена драўляных тратуараў на асфальтныя, адзначыў наваселле спецлясгас, завершана ўзвядзенне юнацка-спартыўнай школы, рэканструяваны будынак гарсавета, дабудаваны трэці паверх райбальніцы, расчынілі дзверы кінатэатр і СШ №1, у цэнтральных сядзібах Чачэршчыны адзначылі наваселлі работнікі дзіцячых садкоў, школ у Сідаравічах, Халоччы, Нісімкавічах і інш. Запрасілі да прылаўка новыя магазіны вёсак Отар, Крутое і г.д. Добраўпарадкаваўся мікрараён «Новы», радаваліся светлым кватэрам жыхары дома №5 па в.Садовай. Усяго не пералічыць.
Але на нашу зямлю прыйшла трагедыя – красавік 1986 года перакрэсліў планы чачаран, пачаўся новы віток жыцця краю. У сувязі з катастрофай з геаграфічнай карты раёна зніклі 43 населеныя пункты, выехалі ў чыстыя зоны лепшыя спецыялісты, інтэлегенцыя. Але мы паспяхова справіліся і з гэтай навалай. Пра тое – у наступных нумарах газеты.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.