Здабыткі чачаран і слава працы

уцйеуцкгоптВольная, непераможная, прасторная Чачэршчына, перажыўшая сталінскія рэпрэсіі
і фашысцкую акупацыю, працягвала свой стваральны шлях да росквіту і чалавечай радасці.
У мінулым засталіся слёзы страт, жаль па загубленых марах, парушаныя планы на жыццё. Наперадзе чакалі новыя здзяйсненні, высокія памкненні і надзеі на шчаслівую будучыню. Марудна, але ўсё ж такі стабільна раён падымаўся з калена. Так, у 1950-я не хапала тэхнікі, пераважала ручная фізічная праца, ураджайнасць збожжавых у асобных гаспадарках дасягала 1,6 цэнтнера з гектара, мы адставалі па пазіцыях здачы дзяржаве прадукцыі сельскай гаспадаркі. Тым не менш, вызначыліся асноўныя напрамкі спецыялізацыі вытворчасці бульбы, малака, свіней, былі павялічаны пасевы ільну і кукурузы на сілас і зерне. Калгас «Камунар» лідыраваў па вырошчванні тэхнічных культур. Да канца 50-х давялося дасягнуць добрых вынікаў ў галіне жывёлагадоўлі, удвая павялічылася пагалоўе. Шмат здабыткаў выпала на 1960-я гады: рэарганізацыя машынна-трактарных станцый, умацавалася эканамічнае становішча гаспадарак, пацяжэў пшанічны колас і клубневыя, папаўнелі малочныя рэкі. Калгасы «Камунар», «50 год БССР», імя Кірава, імя Жданава, імя Суворава займелі свае ільнозаводы, а «Сцяг камунізму» яшчэ і агароднінанкансервавы. Будаваліся аб’екты сацкультбыту – у «Звяздзе» бальніца на 25 ложкамесцаў, радзільны дом і жыллё для медперсаналу, у некаторых іншых запрацавалі цагельныя заводы, перадавое сельгаспрадпрымства імя Кірава стала першым у раёне, якое ў 1968 годзе атрымала мільённы грашовы даход. За вялікі ўклад у развіцё эканомікі і культуры раёна, стварэнне матэрыяльна-духоўных каштоўнасцей дзеля сацыялістычнага грамадства ў «Кнігу народнай славы» былі занесены прозвішчы Паліны Фёдараўны Казловай, Ганны Васільеўны Пуплікавай, Сямёна Рыгоравіча Сямкова і Ніны Захараўны Мартынавай.
І ўсё ж да поўнага дастатку было яшчэ далёка, чачаране недабіралі зерня, марудна расло пагалоўе жывёлы, адчувалася нізкая культура земляробства, не хапала кваліфікаваных спецыялістаў, паляводаў, механізатараў. Толькі людзі не схілялі галоў, працавалі ад сэрца і так жа весяліліся ў хвіліны агульнай радасці. Аб’яднаныя адной мэтай, згуртаваныя адной ідэяй, верылі – будзе хлеб, будзе і да хлеба. Натомленыя, заклапочаныя, яны ў будні дзень выкладваліся на фермах і пасяўных участках, а ў свята збіраліся разам на маёўках і ўрачыстых мітынгах. І не было на іх тварах ні ценю змроку, агрэсіі, крыўды, або шкадавання, на сцягах і транспарантах неслі і свае поспехі, і свае спадзяванні, і свой гонар за родны край і яго дасягненні. Сярод такіх дэманстрантаў – работнікі фабрыкі мастацкіх вырабаў. У 60-я гады тавары прадпрыемства дэманстраваліся ў Лейпцыгу, Мінску і Маскве. А ў 1965-м пры ФХМ адкрылі цэх ткацтва, дзе выраблялася экпартуемая у Польшчу і Сінгапур прадукцыя па перанятых сакрэтах старэйшых майстроў з Бабіч, Рудні Нісімкавіцкай, Каменкі і знакамітай Неглюбкі Веткаўскага раёна. Больш за 30 гадоў працавала ў чыста жаночым калектыве Марыя Іванаўна Грэбянькова. Пра той час успамінае з настальгіяй і жалем, бо гэта быў адзін з насычаных і цікавых перыядаў яе жыцця, калі эмоцыі і падзеі пульсавалі штодзень і шточас. Ручная вышыўка, тканыя посцілкі карысталіся попытам і прыносілі іх уладальнікам вялікае задавальненне – пачуццё, якім жылі і адчувалі тады ўсе жыхары нашага маленькага утульнага краю.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.