«Трыбунал» ад чачэрскага «Графскага тэатра»

Адбылося  выступленне «Графскага тэатра» на сцэне раённага Дома культуры. Прэм’ера п’есы Андрэя Макаёнка «Трыбунал» у выкананні самадзейных акцёраў нашага горада сабрала амаль поўную залу.
Кошт білета быў сімвалічны, а спектакль атрымаўся цудоўны. Без падробнай ліслівасці хочацца пахваліць артыстаў. За падораныя на працягу гадзіны эмоцыі гледачы апладыравалі стоячы і падносілі кветкі. Сюжэт трагікамедыі просты, дзеянне разварочваецца падчас Вялікай Айчыннай вайны. Галаву сям’і Цярэшку Калабка паліцаі выбіраюць старшынёй вёскі. Родныя асуджаюць здрадніка-бацьку і збіраюцца чыніць над ім трыбунал. Аднак пакуль маці высвятляла, у чым сутнасць ды справа насамрэч, іх сын Валодзька ўзарваў сябе разам з нямецкім камендантам. Аказалася, што Цярэшка выконваў спецыяльны загад і не збіраўся ўступаць у сапраўдную змову з ворагам. Сын жа не дачакаўся высвятлення абставін і зрабіў непапраўную памылку. На гэтым дзеянне застывае, канец п’есы адкрыты, але красамоўны.
У рэпертуары клуба па інтарэсах, які дзейнічае ўжо пять гадоў, гэта трэцяя пастаноўка. І дата прэм’еры выбрана не выпадкова – 75-я гадавіна пачатку вайны. Гэта арыгінальны спосаб аддаць даніну памяці ахвярам трагічнага часу. Жыццё ж пад мірным небам дорыць магчымасць быць шчаслівымі і развіваць свае таленты. А талентамі нашы акцёры надзелены спаўна, нездарма гледачы спектакля на імгненне заміралі, у такт сюжэту смяяліся і часам нават хавалі слёзы.
Н.МІХАЙЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.