«Лілея» радуе канцэртамі чачаран

лилеяЗгодна этымалогіі назвы кветак, лілея сімвалізуе чысціню, веліч, цнатлівасць. Таксама гэта эмблема Дзевы Марыі, сімвал Троіцы і трох дабрачыннасцяў: Веры, Надзеі і Міласэрнасці. Гэтыя белыя пялёсткі служылі галоўным кветкавым атрыбутам у геральдыцы каралёў Францыі. Аднак да замежных вяльможаў нам далёка, таму сваіх галасістых лілей ушаноўваем на нашай чачэрскай зямлі.
Пры Отарскім ЦСДК два гады назад быў створаны вакальны ансамбль з адпаведнай назвай. Маладыя і чыстагалосыя «Лілеі» за такі кароткі час паспелі заваяваць ва ўдзячнага слухача ўвагу і прызнанне. Творчая група ўсяго з шасці чалавек паланіла сэрцы чачаран, раскрыла скарбонку спеўнага майстэрства і выканаўчага таленту. Беларускія народныя матывы, пералівы рускіх твораў, песні ў сучаснай апрацоўцы, патрыятычныя, жартоўныя, эстрадныя і побытавыя яны гучаць на шматлікіх конкурсах, святах і ўрачыстасцях. Мастацкі кіраўнік Наталля Сувалава падбірае рэпертуар па густу, сэнсу і зместу. Свайго акампаніятара ў калектыве не маецца, таму неабходныя сугучнасці багатых акордаў запазычваюцца ў інтэрнэце – мінусавыя фанаграмы сёння пакуль што адзіны сродак музычнага афармлення канцэртнага нумара. Аднак пры шырокім дыяпазоне голасу, творчым запале і выключнай унутранай абаяльнасці артыстаў кожнае выступленне праходзіць на адным дыханні і пад бурныя апладысменты. Высокім артыстызмам і талентам майстра сцэны валодаюць салісты Іна Рослікава і маладая выканаўца Дар’я Сувалава. Заўсёды добра ўспрымаюць слухачы выхад на публіку крэатыўнага і харызматычнага Уладзіміра Курбацкага. А сочыць за чысцінёй тэмбраў і правільнасцю падачы тона з мікрафонаў гукарэжысёр Іван Курашоў. Два разы на тыдзень, а пры неабходнасці і значна больш, збіраецца калектыў на рэпетыцыі старых і распрацоўку новых песенных твораў. Падбіраецца не толькі рэпертуар, але і прадумваюцца падтанцоўкі, знешняе афармленне. Касцюмы дзяўчаты шыюць для сябе самі, па свайму фасону. І чакаючь спонсарскай падтрымкі.
Навагоднія казкі, святы каляндара, тэатральныя пастаноўкі і абрадавыя дзеі, работа агітбрыгады на зернетаках і ў полі – заўсёды разам, дружна і весела. Таксама арганізоўваюцца сумесныя са школай культурна-масавыя мерапрыемствы. Любяць «Лілеі» даваць выязныя канцэрты ў вёсках раёна, за яго межамі. Нядаўна былі ў Нісімкавічах і Бабічах, шчыра дзівіліся актыўнасці вяскоўцаў і поўнай зале аматараў цікавага і карыснага адпачынку. А калі спяваеш не ў пустое асяроддзе, азарт артыста дапамагае авалодаць хваляваннем, натхняе і спрыяе поспеху. А ён, вядома ж, не даецца задарма, прызнанне і любоў аўдыторыі дасягаецца напорыстасцю, талентам і карпатлівай працай культасветніка.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.