І Ў ПРАЦЫ, І Ў ПЕСНІ – РАЗАМ!

Што звязвае сям’ю акрамя кроўнай роднасці і бацькоўскіх абавязкаў? Для таго, каб дома панавала атмасфера агульнай еднасці і паразумення, трэба не так ужо і шмат. Акрамя ўсяго вышэй пералічанага дарослым і дзецям проста неабходна мець агульныя захапленні і магчымасць рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Пагадзіцеся, што прыемна бачыць тату разам з сынам на лыжнай дыстанцыі, сярод балельшчыкаў на хакейных матчах. Або калі матуля разам з дачушкай займаецца выпечкай ці шыццём. А як радуе вока мастацкае
выступленне сямейных калектываў!
На Чачэршчыне ёсць шмат прыкладаў, калі на сцэну выходзяць муж з жонкай, браты і сёстры, цёткі з пляменнікамі. Хто іграе на “трохрадцы”, хто лупіць у бубен, а хто спявае. Проста люба глянуць! Вось дзве такія сям’і ў мінулыя выхадныя прымалі ўдзел у аглядзе-конкурсе сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”. Усяго паказаць свой прыродны талент у г.Рэчыцу прыехала 26 калектываў. Большасць з іх мелі званне “народны”, аднак і нашы артысты нават без яго паказалі не меншы спрыт. Васіль і Людміла Казловы з Меркулавіч і іх дачушка Люба часта выступаюць на розных культурна-масавых мерапрыемствах. Але на такіх адказных фэстах, канечне, вельмі хвалююцца. Адчуваюць некаторае перажыванне і валосавіцкія артысты. Марыя Маляўка і Павел Клімянкоў ствараюць на сцэне цудоўны дуэт, і гэта ацаніла рэчыцкая аўдыторыя – іх выступленне суправаджалася бесперапыннымі апладысментамі, мужа і жонку выклікалі на “біс”. Вельмі прыйшлася даспадобы і выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстрыцы з Валосавіч, якая складалася з каляровых вышыванак і тканых рэчаў.
– У нашым рэпертуары пераважае мясцовы фальклор, а астатнія ўдзельнікі, як я заўважыла, выконвалі апрацаваныя творы эстраднага накірунку, – гаворыць Марыя Маляўка. – І ўсё ж мне так спадабалася! Было і страшнавата спаборнічаць з такімі моцнымі талентамі, і ў той жа час вельмі прыемна знаходзіцца ў акружэнні беларускіх зорак. Я сачыла за канцэртам затаіўшы дыханне.
Хоць сямейныя калектывы нашага раёна і не маюць ганаровага звання “народны”, але даказалі і сабе, і журы перавагу мясцовага фальклорнага жанру. А яшчэ яны ў чарговы раз прадэманстравалі сямейную еднасць, бацькоўскую любоў і моц духоўных адносін. Калі быць разам і ў працы, і ў песні, то не страшна ісці па жыцці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Besucherzahler
счетчик посещений